РЭ́ЛЕЯ ЗАКО́Н НАМАГНІ́ЧВАННЯ,

залежнасць намагнічанасці ферамагнетыка ад напружанасці знешняга магн. поля ў слабых палях, калі напружанасць поля, што дзейнічае на цела, многа меншая за каэрцытыўную сілу. Устаноўлены Дж.У.Рэлеем (1887). Для крывой пачатковага намагнічвання выражаецца формулай J = χабH±RH2, дзе J — намагнічанасць; H — напружанасць знешняга магн. поля; χаб — абарачальная магнітная ўспрыімлівасць, якая характарызуе абарачальную лінейную частку працэсу; R — пастаянная Рэлея, якая характарызуе неабарачальныя нелінейныя працэсы намагнічвання (неабарачальныя зрушэнні даменных межаў); знак «+» адпавядае H>0, знак «−» H<0. Неабходная ўмова для выканання закону — павольная, квазістатычная змена магн. поля для звядзення да мінімуму эфектаў, абумоўленых магн. паслядзеяннем (гл. Магнітная вязкасць).

т. 14, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)